21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў чытальнай зале сектара дзіцячай і юнацкай літаратуры прайшла літаратурная гадзіна «З любоўю да роднага слова».
Яго ўдзельнікамі сталі маленькія наведвальнікі і частыя госці сектара - выхаванцы дзіцячага садка №2. Падчас сустрэчы дзеці паказалі не толькі свае веды, але і праявілі кемлівасць. Яны з вясёлым настроем размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў конкурсах і гульнях: «Беларускі кракадзіл», «Шпак», «Назаві адным словам», «Адзін лішні». Слухалі верш К. Цвіркі «У кнігарні» і апавяданне «Якія сябры жывуць у двары».
Напрыканцы сустрэчы адбыўся паказ мультфільма кінастудыі «Беларусьфільм» «Прыгоды Несцеркі». Мерапрыемства атрымалася насычаным і цікавым.